МАСКО́ЎСКІЯ НАРА́ДЫ 1941,
1943, 1945, нарады у Маскве прадстаўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі па пытаннях вядзення 2-й сусв. вайны і пасляваен. мірнага ўрэгулявання. 29.9—1.10.1941 (кіраўнікі дэлегацый: СССР — В.М.Молатаў, ЗША — У.А.Гарыман, Вялікабрытаніі — У.М.Бівербрук) разгледжана пытанне аб узаемных пастаўках. Вызначаны (да 30.6.1942) месячныя квоты амер. (на падставе ленд-лізу) і брыт. (на падставе сав.-брыт. пагаднення ад 16.8.1941) паставак Сав. Саюзу ўзбраення, харчавання і інш., а таксама паставак некаторых тавараў і сыравіны з СССР у ЗША і Вялікабрытанію. 19—30.10.1943 (кіраўнікі дэлегацый: СССР — Молатаў, ЗША — К.Хэл, Вялікабрытаніі — Р.Э.Ідэн) абмеркаваны праблемы паскарэння разгрому фаш. блоку і пасляваен. ўладкавання Еўропы. Прыняты дэкларацыі: аб усеагульнай бяспецы, аб Італіі (прадугледжвала мерапрыемствы па яе дэмакратызацыі, знішчэнні спадчыны італьян. фашызму і інш.), Аўстрыі (прадугледжвала незалежнасць і суверэнітэт Аўстрыі, а таксама яе адказнасць за ўдзел у вайне на баку Германіі), аб адказнасці гітлераўцаў за ваен. злачынствы (у далейшым стала прававой асновай для суд. пакарання ваен. злачынцаў). 16—26.12.1945 (кіраўнікі дэлегацый: СССР — Молатаў, ЗША — Дж.Ф.Бірнс, Вялікабрытаніі — Э.Бевін) вырашаны пытанні аб арганізацыі пасляваен. міру ў Еўропе і на Д. Усходзе. Прыняты рашэнні аб падрыхтоўцы мірных перагавораў з Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй; аб Далёкаўсх. камісіі і Саюзным савеце для Японіі; аб Карэі (стварэнні часовага дэмакр. ўрада); аб Кітаі (дэмакратызацыі органаў нац. ўрада, спыненні грамадз. вайны і вывадзе з Кітая сав. і амер. войск); аб Румыніі і Балгарыі (умовы прызнання Вялікабрытаніяй і ЗША ўрадаў гэтых краін, з якімі СССР ужо меў дыпламат. адносіны); аб заснаванні камісіі па кантролі за атамнай энергіяй.
т. 10, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)